“Палеская ластаўка”, “палеская летуценніца” – так называюць ў беларускай літаратуры Яўгенію Янішчыц, якой 20 лістапада споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння. На жаль, паэтцы было суджана пражыць усяго толькі 40 гадоў. Але за сваё кароткае жыццё Я. Янішчыц пакінула значны след у беларускай літаратуры. Яна з’яўляецца аўтарам шасці кніг лірыкі, яркай і таленавітай прадаўжальніцай традыцый нацыянальнай паэзіі.

 “Чароўная кветка беларускай паэзіі” – менавіта так называлася мерапрыемства, якое прайшло ў Гарадской дзіцячай бібліятэцы 22 лістапада і было прымеркавана да дня нараджэння  Я. Янішчыц. У бібліятэку былі запрошаны вучні 9 “А” класа і іх класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры,  Вайтовіч Т.У. Бібліятэкар чытальнай залы расказала  пра самыя цікавыя факты з жыцця Я. Янішчыц, пазнаёміла дзяцей з яе творчасцю. Вучні, у сваю чаргу, з вялікім задавальненнем чыталі загаддзя падрыхтаваныя вершы паэткі. Напрыканцы ўсе разам паглядзелі відэафільм “Непрыручаная птушка Палесся“.